Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Старонкі гісторыі школы

Дата: 23 января в 16:04

Старонкі гісторыі

 Вялікакрушынаўскай базавай школы

        Усе населеныя пункты Крушынаўскага сельскага савета былі вызвалены ў чэрвені 1944 г. у самым пачатку наступальнай аперацыі “Баграціён” і ўяўлялі сабой жудаснае відовішча. З 511 даваенных забудоў засталося толькі 244. Поўнасцю былі спалены вёскі Валокі і Фалевічы. У агні ваеннага ліхалецця згарэў і будынак даваеннай школы. Пагэтаму жыць і вучыцца нашым землякам прыйшлося ў вельмі складаных умовах. У верасні 1944 г. пачалі працаваць пачатковыя школы ў вёсках Вялікая і Малая Крушынаўкі. Да 1948 г. для школьных заняткаў выкарыстоўваліся некалькі наёмных вясковых хат. У 1944/1945 навучальным годзе практычна адсутнічалі школьныя прыналежнасці, а самае галоўнае, не хапала настаўнікаў.

        Мацвеева Яўгенія Васільеўна, 1930 года нараджэння, так успамінае 1944 год: “Да вайны я паспела закончыць толькі тры класы. Падчас вайны ў школу я не хадзіла, пагэтаму практычна развучылася чытаць і пісаць. Наведваць заняткі я пачала толькі бліжэй да зімы. Рабочых рук не хапала, і мы, падлеткі, разам з жанчынамі і старымі працавалі ў калгасе. Урэзаліся ў памяць шырокія, негабляваныя дошкі на круглых чурбанах. Яны замянялі нам парты. Замест школьных дошак былі ржавыя лісты жэсці, а мел нам замянялі кавалкі цэглы. Чарнілы рабілі, разводзячы сажу вадой. Сшыткаў не было. Пісалі на старых газетах паміж радкоў. На вагу золата цаніліся сталёвыя пер’і. Ручкі ў большасці дзяцей былі самаробныя. На настаўніцу, у якой быў хімічны аловак, напалову фіялетагавага, а напалову чырвонага колеру, глядзелі, як на бога”.

        А вось як успамінае свой першы навучальны год Антонава Таццяна Аляксандраўна, 1936 года нараджэння: “Спачатку вучняў было нямнога, але да зімы класы ўжо сталі дужа вялікімі. У некаторых было каля 40 чалавек. Пагэтаму вучыцца прыходзілася ў дзве змены. Пры гэтым ў адзін клас хадзілі дзеці рознага ўзросту. Добра памятаю, што мне ўвесь час хацелася есці. На вялікім перапынку вучняў кармілі. Старэйшым давалі кавалак чорнага хлеба і кружку самаробнага чаю або кампоту з сушаных дзічак. Нам, самым меншым, амаль кожны дзень яшчэ давалі малюсенькі драбочак цукру. Для большасці дзяцей гэта з’яўлялася самым лепшым ласункам на той час, таму што дома, акрамя нішчымнай бульбы, у нас тады амаль нічога не было”.

Пасля Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне краіна пачала вяртацца да мірнага жыцця. У рэспубліках і абласцях СССР, якія не зведалі нямецка-фашысцкай акупацыі, збіраліся кнігі і навучальныя дапаможнікі для бібліятэк, друкаваліся падручнікі, гістарычныя і геаграфічныя карты для раёнаў, што пабывалі пад вымушанай акупацыяй. У самой БССР пачаў наладжвацца выпуск сшыткаў,

школьных прыналежнасцей і г. д. А самае галоўнае, з фронту пачалі вяртацца застаўшыяся ў жывых салдаты і афіцэры, сярод якіх былі і былыя педагогі.Паўстала задача не толькі аднавіць разбураныя падчас вайны школьныя будынкі, але і пабудаваць новыя.

У 1947 г. выканкам Крушынаўскага сельсавета і праўленне калгаса “XVІІ партз’езд” прынялі рашэнне вывесці школы з наёмных, прыстасаваных памяшканняў і пабудаваць  новы будынак сямігодкі ў вёсцы Вялікая Крушынаўка, пачатковыя школы ў вёсках Малая Крушынаўка і Фалевічы.  Будаўніцтва вялося выключна сваімі сіламі і сродкамі на мясцовым матэрыяле. Да 1948/1949 навучальнага года школьны комплекс, які ўключаў два памяшканні і некалькі гаспадарчых пабудоў, быў здадзены ў эксплуатацыю.

        У 1948 г. дырэктарам сямігодкі быў прызначаны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Шумілаў Міхаіл Рыгоравіч. Яго асноўным клопатам стала стварэнне вучэбна-матэрыяльнай базы школы, спартыўнай пляцоўкі і вучэбна-вопытнага ўчастка. Навогул жа з 1948 па 2015 гады дырэктарамі Вялікакрушынаўскай школы працавалі:

п/п

Прозвішча, імя, імя па бацьку

Гады

1

Шумілаў Міхаіл Рыгоравіч

1948 – 1958

2

Клюеў Рыгор Якаўлевіч

1958 – 1960

3

Емельянава Таццяна Дарафееўна

1960 – 1963

4

Малюкоў Іван Макаравіч

1963 – 1964

5

Багамазаў Андрэй Якаўлевіч

1964 – 1970

6

Веракса Уладзіслаў Францавіч

1970 – 1973

7

Малчанаў Валянцін Паўлавіч

1973 – 1986

8

Біч Уладзімір Іванавіч

1986 – 1988

9

Савасцьянава Ніна Ільінічна

1988 – 2005

10

Шутава Эма Іванаўна

2005 – 2010

11

Гонтарава Вольга Віктараўна

2010 – 2011

12

Купрэеў Сяргей Юр’евіч

2011 – 2015 

        У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР ад 15 ліпеня 1948 г. № 938 “Аб парадку адкрыцця пачатковых, сямігадовых і сярэдніх школ” былі пабудаваны новыя будынкі для пачатковых школ у вёсках Малая Крушынаўка і Фалевічы. Цікавы факт: у гэтых школах з 1944 года і да пачатку 1980-х гадоў працавалі Коўганаў Раман Фёдаравіч і яго жонка Сідарэнка Клаўдзія Самуілаўна – выпускнікі славутага Рагачоўскага педтэхнікума 1937 г. У Вялікакрушынаўскай школе працавалі яшчэ два выпускнікі педтэхнікума – Клюеў Рыгор Якаўлевіч (1934 г.) і Сідарэнка Марыя Самуілаўна (1937 г.).

        Рагачоўскі выканаўчы камітэт раённага савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне № 160-а ад 28 красавіка 1954 г.ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР ад 1 снежня 1951 г. № 1530-р Вялікакрушынаўскую сямігадовую школу з 1 верасня 1954 г. перавесці ў сярэднюю школу з адкрыццём адного восьмага класа. У сувязі з гэтым зноў абвастрылася пытанне з пашырэннем памяшканняў школы. Мясцовае кіраўніцтва аператыўна вырашыла гэту праблему, перанёсшы новы будынак, які прызначаўся для сельскага дома культуры, бліжэй да школьнага комплексу. У гэтым памяшканні было адкрыта пяць класных пакояў. Такім чынам, школьны комплекс стаў складацца з трох драўляных будынкаў.

У 1956/1957 навучальным годзе адбыўся першы выпуск дзясятага класа Вялікакрушынаўскай сярэдняй школы. Цікавы факт: сярод гэтых выпускнікоў былі будучыя педагогі нашай школы Волкаў Рыгор Сямёнавіч і яго жонка Волкава (дзявочае прозвішча Рыбалкава) Любоў Аляксееўна. Па іх успамінах, у тым жа 1956 годзе была адменена плата за навучанне ў сярэдняй школе. Крыху пазней у мэтах паляпшэння выхавання дзяцей і дапамогі сем’ям у іх выхаванні ў школе пачалі дзейнічаць групы падоўжанага дня.

        У снежні 1958г. у СССР быў прыняты закон аб пераходзе да ўсеагульнай (абавязковай) васьмігадовай адукацыі. На аснове гэтага закону сярэднія школы пераводзіліся на адзінаццацігадовы тэрмін навучання, які павінен быў спалучацца з вытворчым навучаннем школьнікаў (атрыманнем першай прафесіі).

        Але павелічэнне тэрміна навучання не апраўдала сябе, і з 1964/1965 навучальнага года сярэднія школы Рагачоўскага раёна, у тым ліку і

Вялікакрушынаўская, як і ўсе школы Савецкага Саюза, пачалі вяртацца да дзесяцігадовага тэрміну навучання. У гэтым навучальным годзе закончыла мясцовую школу яшчэ адзін ветэран педагагічнай працы – Трухава (дзявочае прозвішча Алёксава) Надзея Іванаўна. У 1967 г. Вялікакрушынаўскую сярэднюю школу закончыла яшчэ адзін наш будучы настаўнік – Кавалёва (дзявочае прозвішча Антонава) Валянціна Сямёнаўна.

        У 1961 г. Савет Міністраў БССР прысвоіў Вялікакрушынаўскай сярэдняй школе імя нашага  славутага земляка Героя Савецкага Саюза Кавалёва Рыгора Сямёнавіча.

ПОСТАНОВЛЕНИЕ СОВЕТА МИНИСТРОВ БЕЛОРУССКОЙ ССР

16 августа 1961 г. № 478

        О присвоении Большекрушиновской средней школе Рогачевского района имени Героя Советского Союза Ковалева Г.С.

Совет Министров Белорусской ССР ПОСТАНОВЛЯЕТ:

Присвоить Большекрушиновской средней школе Рогачевского района имя Героя Советского Союза Ковалева Григория Семеновича.

Председатель Совета Министров                             Т. Киселёв

Белорусской ССР

Т.Киселев

Управляющий Делами Совета Министров              И. Козлов

Белорусской ССР

И.Козлов

        Таксама вельмі цікавы факт: Пастанова была, але ў назве нашай навучальнай установы гэта ніякім чынам не адлюстравалася да нашых дзён.

        Калі ў канцы 1960-х гадоў пачаў сваю работу завод па вытворчасці цэглы непадалёку ад Ціхініч, былі пабудаваны цагляныя будынкі пачатковых школ: спачатку у вёсцы Малая Крушынаўка (з чырвонай цэглы), затым у  Фалевічах (з белай цэглы). Таксама была добраўпарадкавана тэрыторыя вакол іх, з’явіліся спартыўныя пляцоўкі з адпаведным інвентаром. Гэтыя школы функцыянавалі да пачатку 1980-х гадоў. Менавіта ў Фалевічскай пачатковай школе ў 1981 г. пачала сваё навучанне яшчэ адзін будучы настаўнік – Саломкіна (дзявочае прозвішча Шутава) Любоў Сяргееўна. Пасля Рагачоўскага педвучылішча яна з 1993 па 1998 год працавала настаўнікам начатковых класаў Вялікакрушынаўскай сярэдняй школы і завочна вучылася ў Мазырскім педагагічным універсітэце. Зараз працуе настаўнікам пачатковых класаў СШ № 3 г. Рагачова.

        Практычна да сярэдзіны 1980-х гадоў большасць настаўнікаў Вялікакрушынаўскай сярэдняй школы складалі былыя партызаны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны: Шумілаў Міхаіл Рыгоравіч, Багамазаў Андрэй Якаўлевіч, Клюеў Рыгор Якаўлевіч, Коўганаў Раман Фёдаравіч, Баранаў Іван Сцяпанавіч, Ігнацьеў Пётр Міхайлавіч, Суканькоў Васілій Мартынавіч, Барэкава Надзея Рыгораўна, Бабіч Надзея Аляксееўна, Усцінава Надзея Міхайлаўна, Сідарэнка Клаўдзія Самуілаўна, Сідарэнка Марыя Самуілаўна. Пераважная большасць з іх завочна закончылі педінстытуты і універсітэты, атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю. Усе яны ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства народнай асветы БССР, Гомельскага абласнога і Рагачоўскага раённага аддзелаў народнай адукацыі.

У 1987 годзе ў Вялікай Крушынаўцы быў пабудаваны тыпавы двухпавярховы будынак школы на 192 вучнёўскія месцы. Школьныя кабінеты былі абсталяваны ў адпаведнасці з тагачаснымі патрабаваннямі.

        У 1994 г. наша установа адукацыі адзначыла свой 100-гадовы юбілей. Вось спіс педагогаў, што працавалі ў школе ў гэтым юбілейным годзе:

Прозвішча, імя,

імя па бацьку

Пасада

Прадмет

Савасцьянава

Ніна Ільінічна

дырэктар

беларуская мова

і літаратура

Волкаў

Рыгор Сямёнавіч

намеснік дырэктара

па вучэбнай рабоце

біялогія,

хімія

Тытарава

Наталля Афанасьеўна

намеснік дырэктара

па выхаваўчай рабоце

пачатковыя

класы

Шутава

Эма Іванаўна

педагог-

арганізатар

біялогія,

хімія

Савасцьянава

Наталля Уладзіміраўна

настаўнік

беларуская мова

і літаратура

Гулевіч

Земфіра Васільеўна

настаўнік

руская мова

і літаратура

Лукомская

Галіна Іванаўна

настаўнік

руская мова

і літаратура

Трухава

Надзея Іванаўна

настаўнік,

бібліятэкар

нямецкая мова

Малчанаў

Валянцін Паўлавіч

настаўнік

матэматыка,

інфарматыка

Ярмольчык

Зінаіда Іванаўна

настаўнік

матэматыка

Біч

Уладзімір Іванавіч

настаўнік

гісторыя

і грамадазнаўства

Кавалёва

Валянціна Сямёнаўна

настаўнік

біялогія, геаграфія, праца

Ярмольчык

Віктар Міхайлавіч

настаўнік

фізіка,

астраномія

Клімкоў

Рыгор Цімафеевіч

настаўнік

фізічная

культура

Трухаў

Анатолій Фядосавіч

настаўнік

чарчэнне, праца,

спец. падрыхтоўка

Лапіцкая

Алена Васільеўна

настаўнік

выяўленчае

мастацтва

Кавалёва

Таццяна Аляксандраўна

настаўнік

пачатковыя

класы

Казлова

Валянціна Аляксееўна

настаўнік

пачатковыя

класы

Шутава

Любоў Сяргееўна

настаўнік

пачатковыя

класы

       Практычна ўсе гэтыя педагогі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы Рэспублікі Беларусь, Гомельскага абласнога ўпраўдення адукацыі і Рагачоўскага раённага аддзела адукацыі.Усё новае, лепшае, што ўводзілася ў школьную адукацыю заўсёды знаходзіла сваё плённае ўвасабленне ў практыцы работы нашых настаўнікаў. Паспяхова апрабіраваліся новыя методыкі і прымяняліся педагагічныя тэхналогіі ў канцы 1990-х –пачатку 2000-х гадоў (“Крок за крокам”, сістэма Зайцава, методыкі выкладання матэматыкі Ходавай і Герасімава, модульнае навучанне, педагагічныя майстэрні і інш).

Асобнай старонкай у гісторыю Вялікакрушынаўскай сярэдняй школы ўвайшла дзейнасць профільных класаў, прафілізацыя якіх вызначалася патрэбамі Рагачоўскага раёна ў спецыялістах.За гады існавання профільныя класы скончыла 68 чалавек, многія з якіх паступілі ў ВНУ адпаведнага профілю.

        На жаль, да сярэдзіны 2000-х гадоў колькасць навучэнцаў нашай установы адукацыі рэзка скарацілася. Раённае кіраўніцтва прыняло рашэнне з 1 верасня 2006 г. рэарганізаваць Вялікакрушынаўскую сярэднюю школу ў базавую.

     Сёння ў дзяржаўнай установе адукацыі “Вялікакрушынаўская базавая школа” навучаецца 35 вучняў з населеных пунктаў Азяранскага сельсавета. Арганізаваны падвоз вучняў і выхаванцаў дзіцячага сада школьным аўтобусам. Заняткі праводзяцца ў адну змену, другая палова дня запоўнена факультатывамі, заняткамі ў гуртках і спартыўнай зале. Для пашырэння ведаў зараз школа прапануе вучням факультатыўныя заняткі прыродазнаўчага і грамадазнаўчага напрамкаў. Прадметныя факультатыўныя заняткі наведваюць практычна ўсе навучэнцы нашай школы. На базе ўстановы адукацыі дзейнічаюць тры аб’яднанні па інтарэсах краязнаўчага накірунку: “Гістарычнае краязнаўства”, “Літаратурнае краязнаўства” і “Турыстычнае краязнаўства”.  Нягледзячы на малалікасць, навучэнцы  школы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі прадметных алімпіяд, інтэрнэт-алімпіяд, дыстанцыйных аліміяд, інтэлектуальных і творчых конкурсаў, конкурсаў даследчых работ.

        У гэтым навучальным годзе ва ўстанове адукацыі працуе 14 педагогаў і 3 выхавальнікі дзіцячага сада. 12 настаўнікаў і 1 выхавальнік маюць вышэйшую адукацыю. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 2 педагогі, першую – 8 настаўнікаў і 2 выхавальнікі, другую – 2 педагогі. Дзейнічае 3 метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў і  метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. У калектыве шмат майстроў педагагічнай справы, таленавітых і адданых школе і дзецям людзей: настаўнік пачатковых класаў Т. А. Кавалёва, настаўнік нямецкай мовы І. Я.  Гудкова, настаўнік матэматыкі З. І. Ярмольчык, інфарматыкі і фізікі В. М. Ярмольчык, настаўнік гісторыі і геаграфіі У. І. Біч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя А. П. Шэнц, настаўнік-дэфектолаг Э. І. Шутава, выхавальнікі дзіцячага сада А. С. Аўраменка і Р. С. Тарасевіч.З 2015 г. установу адукацыі ўзначальвае таленавіты арганізатар Васькова Наталля Мікалаеўна. Яе надзейным памочнікам з’яўляецца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Панфіленка Святлана Рыгораўна.

     У нашай школе створаны ўмовы для атрымання якааснай адукацыі – гэта, па-першае, наяўнасць высокакваліфікаваных педагогаў, па-другое, нядрэнная матэрыяльная база: 9 вучэбных кабінетаў, спартыўная зала, сталовая, бібліятэка, стадыён, спартыўныя пляцоўкі,  камбініраваная вучэбная майстэрня, кабінет абслугоўваючай працы, прышкольны ўчастак.

     Сваёй дзейнасцю Вялікакрушынаўская базавая школа даказвае правільнасць высновы, што для прэстыжу ўстановы адукацыі не важна вялікая яна або маленькая, а важна будаваць педагагічную дзейнасць так, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы з улікам індывідуальных здольнасцей, схільнасцей і адукацыйных запытаўсваіх навучэнцаў.

Наша школа па праву ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія шыраць аўтарытэт і вядомасць установы адукацы ў нашай краіне і за яе межамі. З 1948 па 2006 гады за выдатныя поспехі ў вучобе 2 выпускнікі школы ўзнагароджаны залатымі медалямі – Анціпаў Васілій Аляксандравіч у 1972 г. і Кавалёў Віктар Уладзіміравіч у 1994 г., 3 выпускнікі – сярэбранымі – Клюева Валянціна Рыгораўна, Разумава Ніна Міхайлаўна і Шумілава Святлана Міхайлаўна ў 1967 г. Большасць выпускнікоў працавалі і працуюць на роднай Рагачоўшчыне, плённай працай праслаўляючы сваю малую радзіму. 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.