Максім Багдановіч
СЛУЦКІЯ ТКАЧЫХІ
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сьцяной сьмяецца поле,
Зіяе неба з-за вакна —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расьцвіла вясна,
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж персідскага узора
Цьвяток радзімы васілька.
САНЕТ
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршку насення жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Ўсё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясновай збожжа на раллі.
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў, крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
ПАГОНЯ
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў па грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх - бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна!
Не усьцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
Янка Купала
БАЦЬКАЎШЧЫНА
З зямлёй і небам звязывае мяне ніць —
Неразарваная веквечна павуціна:
Зямля мяне галубіць, як вернага сына,
А сонца мне душу не кідае туліць,
Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:
Што роднай нівы я мільённая часціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.
Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе без злосці,
Узрос з яе й чужых з яе не скінуў косці,
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.
I калі здзекуецца нада мною хтосьці —
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маей,
Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй.
МОЙ КРАЙ
Ляжаць твае гоні-загоны
Стомільна на свеце на белым
I жаляцца руняй зялёнай,
I коласам жаляцца спелым.
Лес-ноч гаманіста, шумліва
З мінуўшчыны казкі складае
I шле іх далёка па нівах,
Плакуча, ад краю да краю...
Паводкаю коцяцца воды
Руч'ёў паміж долаў і гораў,
У хвалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.
Спавітыя плесняю вёскі
Між пустак заселі бяссільна,
Утуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.
А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай знямогі-пакуты
I, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.
Так спіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.
МАЛАДАЯ БЕЛАРУСЬ
Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка,
Што гібела сталецці ў бяспуцці, ў пацёмках, —
Гэй, скажы, скуль цяперашня слава твая?
Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не з вясёласці яснай, не з ясных палацаў,
А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы,
Вызываная праўдай, таптанай, жывой,
Я ўзышла, расцвіла непагаснай зарой.
Дарма хеўры чужынцаў мяне застаўляюць
Пакланяціся ім, прадаюць і купляюць
I апекай сваёй зневажаюць мяне, —
З сваім людам не дамся ў сваёй старане.
Ні насмешак, ні постраху ворагаў сільных,
Не пужаюся й песень панурых, магільных, —
Свету цэламу лжывыя вочы пратру,
Што ўладарка я тут, не ўмярла і не ўмру.
Гартавана слязьмі і крывёю народа,
Разаб'юцца цяпер аба мне ўсе нягоды.
I дзе ўпадак быў мой, стане думна сын мой,
Повен волі і славы, нязломнай ступой.
Я святла іскры ў думках бяздольных засею,
Аднаўлю сэрцы іхнія гартам, надзеяй,
Пакажу ім жыцця іх праўдзіву зару,
Па развалінах нову ўсябытнасць ствару.
I ад краю да краю, ўсё далей і далей
Моц мая разальецца нязможанай хваляй,
Песняры аба мне будуць песні складаць,
Народ будзе іх пець і мяне праслаўляць.
Грамадзянская згода, супольнасць загосце,
Аж усцешацца прадзедаў цені і косці,
Слоў унука не зглушыць ніякі прымус,
Што ён роднай зямлі верны сын, беларус.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка!
Уставай жа, ўставай, з паніжэння, з пацёмкаў,
Хай жа будзе нязможана ўлада твая!
Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая!
Якуб Колас
О, КРАЙ РОДНЫ, КРАЙ ПРЫГОЖЫ!..
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дае бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?
(Урывак з паэмы "Сымон-музыка")